Узоры водгукаў

Узоры водгукаў

Сообщение plisa » 26 янв 2015, 10:46

***
Усё знікае, праходзіць, як дым,
Светлы ж след будзе вечна жывым
М. Багдановіч
Сёння даволі часта людзі бяздумна гавораць наступнае: “Я, нарэшце-такі, адчуў смак жыцця”. Я ўпершыню пачула гэтыя словы, калі чалавек расказваў пра свой адпачынак у нейкай замежнай краіне. Ён быў задаволены тым, што яго абслугоўвалі там, а ён толькі ляжаў на пляжы, еў, спаў. Атрымліваецца, што гэта і ёсць тое, дзеля чаго трэба жыць. Але ці сапраўды гэта так? “Не, – скажам мы, – не так”. Але тады, як трэба жыць, да чаго імкнуцца? На гэтае пытанне ніхто мне не адкажа. Ды і дакладнага адказу на яго няма. Кожны сам, ідучы, спатыкаючыся, падаючы і зноў падымаючыся, шукае гэты адказ. Але зразумела, што не ўсе людзі імкнуцца надаць свайму жыццю сэнс. Многіх проста нясе цячэннем, і яны, як планктон, паддаюцца яму. Але кожная рака мае свой канец, і людзі, якіх прынясло да гэтага канца, знікаюць. Спыніць ці затрымаць рух гэтай “ракі жыцця” немагчыма. Але трэба імкнуцца дакрануцца да берага гэтай ракі, каб тыя, хто будзе праплываць пасля цябе, убачылі твой след і ўспомнілі цябе. Гэта тое, што хацеле сказаць сваім вершам “Старэюць людзі, дрэвы і кусты…” Раіса Баравікова.
Адразу хочацца адзначыць, што ў вершы няма прамых заклікаў, не выяўляецца ярка асоба лірычнага героя, інтанацыя апавядальная. Але ідэя верша данесена да чытача з дапамогай іншых сродкаў і прыёмаў.
Па памеры верш адносна невялікі, таму кожнае слова ў ім адыгрывае важную ролю. Варта адзначыць, што ў творы два разы ўжываецца прыметнік “вечны”, адзін раз слова “вечнасць”. Так Раіса Баравікова робіць гэтае слова ключавым. Акрамя гэтага, у вершы два разы ўжываецца слова з коранем -зор- (“ужо да зор пракладзены масты”, “пераганяе зоркавыя статкі”). Назоўнік “дах” у другой страфе абазначае неба, і ўвогуле другую частку гэтай страфы можна назваць разгорнутай перыфразай. Такім чынам, праз ужыванне вышэйназваных аднакаранёвых слоў і ўвядзенне ў твор вобраза неба як сімвала вечнасці паэтэса падкрэслівае, што існуе нешта, вышэйшае за людзей, і яны не здольны быць на адной прыступцы з гэтым, але могуць дакрануцца да гэтага і так пакінуць свой след. Гэтае “нешта” і ёсць вечнасць. У вершы яе характарызуюць наступныя тропы: эпітэты “вечны Валапас”, “абсягі вечныя”, метафара “не праломіць векавая прызма”.
Таксама ў творы ёсць своеасаблівыя антытэзы. Па-першае, чаргуюцца дзеясловы (і яго формы) незакончанага трывання з дзеясловамі (і яго формамі) закончанага трывання. Тое, што апісвае людзей, што не вечна, суправаджаецца дзеясловамі незакончанага трывання (“старэюць”, “сыходзяць”), а тое, што характарызуе вечнасць – дзеясловамі (і яго формамі) закончанага трывання (“пракладзены”, “не праломіць”). Па-другое, супрацьпастаўляюцца сказы з розным парадкам слоў: прамым і інверсіўным. Супрацьпастаўленне адбываецца па тым жа прынцыпе. У сказах з інверсіўным парадкам слоў апісваецца тое, што знікае з твару Зямлі, што не вечна. Такі парадак слоў дапамагае перадаць часовасць. А ў сказах з прамым парадкам слоў зноў жа характарыцуецца вечнасць.
Няўмольнасць часу, цвёрдасць, унармаванасць законаў прыроды перадаецца праз алітэрацыю на [д], [т] (дарэчы, алітэрацыя на гэтыя гукі сустракаецца даволі рэдка):
… па[т] [д]ахам, дзе заўж[д]ы ў а[д]ным пара[т]ку…
Гэтае ж самае перадае і рыфма (мужчынская чаргуецца з жаночай).
Максім Багдановіч у адным са сваіх твораў пісаў: “Навошта людзям сваркі і звадкі, боль і горыч, калі ўсе мы разам ляцім да зор?” Словы паэта, як і верш “Старэюць людзі, дрэвы і кусты…” Раісы Баравіковай, прымушаюць нас задумацца над тым, як мы жывём і дзеля чаго, што мы зрабілі дзеля таго, каб нашы дасягненні служылі людзям, каб наша праца прыносіла карысць, каб пакінуць светлы і чысты след. Але як гэта зрабіць? Як перамагчы гэты няўмольны час, гэтае няспыннае цячэнне ракі? Тут, я думаю, трэба прыслухацца да слоў Максіма Багдановіча: “Проці цячэння ракі зможа толькі жывое плыць…”. Таму давайце ісці, спатыкацца, падаць, зноў падымацца і ісці наперад… Вось што такое жыць!
Мароз Крысціна, гімназія №1 г.Слуцка

***
Бываюць такія хвіліны, калі цябе апаноўваюць цяжкія думкі. Што такое жыццё і смерць? Ці існуе вечнасць? Кім створаны гэты свет? Кожнаму хочацца знайсці адказы на свае пытанні, аднак наўрад ці здольны хто растлумачыць сэнс нашага жыцця, сэнс існавання Сусвету…
Я вельмі захапляюся творчасцю сучасных беларускіх пісьменнікаў. Яны мне блізкія па духу: задаюцца тымі ж пытаннямі, што і я, таксама перажываюць навакольныя з’явы і здарэнні, у сваіх творах душой адгукаюцца на перамены жыцця. Трапныя словы ад прызначэнні пісьменнікаў ёсць у Леаніда Галубовіча:
Не збыць да скону рабскую работу:
Свайго народа выслухаць душу.
І так пісаць, нібыта пісьмы з фронту –
З той бояззю – што больш не напішу.
І я неаднойчы пераконвалася: сучасныя пісьменнікі добра спраўляюцца з гэтай місіяй.
Упершыню з дзейнасцю Раісы Баравіковай я сытыкнулася на старонках часопіса “Маладосць”, галоўным рэдактарам якога з’яўляецца паэтка. А калі пазнаёмілася з яе творчасцю, адразу адчула сябе ў яе вершах. Раіса Баравікова, як сапраўдны творца, піша душой: у яе вершах адчуваюцца і ноткі хвалявання, і ласкавая ціхамірнасць, і шчырае захапленне наваколлем. Верш “Старэюць людзі, дрэвы і кусты…” менавіта такі – шчыры, душэўны, здольны выклікаць глыбокія думкі. Нездарма верш не мае назвы – немагчыма абазначыць адным паняццем думкі аб жыцці і вечнасці. Але тэма праглядаецца ўжо ў першых радках. Словы “старэюць людзі, дрэвы і кусты” адразу выдаюць перажыванне лірычнага героя пра рух жыцця, што няўмольна вядзе да скону. На гэта дапамагае звярнуць увагу ўжытая тут інверсія (“старэюць людзі”). Адначасова наступны радок “прыроды рух – ён і суддзя, і сведка” сцвярджае існаванне вечнасці – прыроды вакол нас. Лірычны герой адзначае тое, што чалавек, які лічыць сябе ўсемагутным, які змог дабрацца нават да зор, не знайшоў і ў космасе вечнага жыцця. І цяжкія думкі, нават занепакоенасць лірычнага героя аўтар дапамагае нам адчуць, выкарыстоўваючы шматкроп’е ў канцы першага чатырохрадкоўя. Гэты стылістычны прыём дае магчымасць у поўнай меры адчуць расчараванне лірычнага героя, падумаць над абранай тэмай.
У наступнай страфе звяртае на сябе ўвагу лексема “нерваў”. Яна перадае напружанне лірычнага героя. Чытаецца яго засмучэнне тым, што неўпрыкмет час набліжае жыццё да невядомага Канца. І, здавалася б, год за годам паўтараецца зіма і лета, рухаюцца па кругу “зоркавыя статкі” – усё паўтараецца ў адным парадку, толькі ніколі не паўторыцца наша жыццё. Персаніфікацыя часу (“сыходзіць час”) надае адчуванне таго, што час – жывая істота, якуе не можа скарыць чалавек. І немагчыма дамовіцца з гэтай істотай, яна жыве сваім розумам, па сваіх законах. З’яўляецца тут і міфічная асоба – Валапас. Адразу ў галаве ўзнікае карціна: барадаты дзядок у белай кашулі і лапцях гоніць па небе статак зорак і паглядае з усмешкай на Зямлю. Яму, што жыве вечна, цікава назіраць за маленькімі чалавечкамі, якія ўсё сваё кароткае жыццё шукаюць шляхі да вечнасці, заклапочаны пытаннем пра сэнс свайго існавання.
У канцы сваіх роздумаў лірычны герой прызнаецца, што так і не змог знайсці адказ на хвалюючае пытанне: што існуе на свеце, апрача жыцця? Калі жыццё толькі прысмак, то што ўяўляе з сябе сапраўдны смак?
Жанр верша “Старэюць людзі, дрэвы і кусты…” – філасофская лірыка. Амаль кожны яго радок наводзіць чытача на пэўныя думкі. І пагэтаму, на мой погляд, спецыяльна выкарыстоўвае чаргаванне мужчынскай і жаночай, адкрытай і закрытай рыфмы: гэта надае вершу мілагучнасць, лёгкасць і плаўнасць, дазваляе засяродзіць усю увагу на тэме. Плаўнасці верша спрыяе і памер – ямб, які, мне здаецца, найбольш звыклы для чытача, дазваляе лёгка, на адным дыханні прачытаць твор.
Дык чаму ж у сваім вершы Раіса Баравікова не дае адказу на ўзнятае пытанне? Я лічу, што гэту магчымасць паэтка пакідае свайму чытачу. І кожны, сапраўды, задумаецца: а ў чым для мяне сэнс жыцця? Чаму не дадзена жыць вечна? Наогул, а ці патрэбна мне вечнае жыццё? Я лічу, што чалавек можа жыць вечна. Не фізічна, а душоўна. Увекавечыць чалавека могуць яго добрыя справы, што застаюцца ў памяці нашчадкаў. Чалавек у любым выпадку пакідае пасля сябе спадчыну, а добрай яна будзе ці дрэннай, залежыць толькі ад яго.
Пытанне жыцця і яго прызначэння ўзнімалі многія пісьменнікі. У Уладзіміра Ліпскага ёсць такія радкі:
Жыццё і смерць –
жорны.
Што зробяць нашчадкі
з нашай мукі?
У радасць яна ім будзе
ці ў мукі?
Хтосьці спытае: навошта пакідаць пасля сябе спадчыну? І будзе адказ: нельга пабудаваць годную будучыню без дапамогі мінулых пакаленняў. І ўсё самае лепшае, што мелі нашы продкі, вучыць нас правільна жыць, пагэтаму павінна быць перададзена нашчадкам. Мне ўспамінаецца верш Алеся Пісьмянкова “Рэліквіі”:
Нямнога па ліку
ад продкаў рэліквій:
сявенька для жыта,
меч старажытны.
Шолам з Нямігі,
Скарынава кніга.
Ад каня Кастусёва
на шчасце падкова.
Сапраўды, з гэтымі рэліквіямі продкі перадалі нам усю сваю мудрасць, тым самым увекавечыўшы памяць пра сябе.
Любіць прыроду, што нас стварыла, паважаць людзей, жыць з імі ў дружбе і самаахвярна дапамагаць усім, каму патрэбна падтрымка, – вось сэнс нашага існавання на Зямлі. Так думаю я, і так павінны думаць усе, што па-сапраўднаму ўдзячны Маці-Прыродзе за магчымасць жыць. Жыць у радасці і ў горы, з асалодай і горыччу, галоўнае – з вераю ў сябе, людзей і “вечнае ззянне чыстага розуму”. Наша любоў да жыцця павінна быць такой, якой яе апісвае Ніл Гілевіч у сваім мудрым і добрым вершы:
Люблю цябе, жыццё, любоўю кроўнай.
Я не нахлебнік твой. Я на зямлю
Не для таго прыйшоў, каб жменяй поўнай
Уцехі браць. Я – аддаваць люблю.
Можа, праўда Раісы Баравіковай, што жыццё толькі прысмак. Адданая любоў да жыцця – вось што смак!
Пеўнева Галіна, Старасвержанская ДАСШ
plisa
 
Сообщения: 13
Зарегистрирован: 11 ноя 2014, 14:21
Откуда: Плисская средняя школа им. В.А. Микулича

Вернуться в О Ресурсном Центре

Кто сейчас на конференции

Сейчас этот форум просматривают: нет зарегистрированных пользователей и гости: 2