Літаратуразнаўчыя тэрміны

Літаратуразнаўчыя тэрміны

Сообщение plisa » 26 янв 2015, 10:45

Літаратуразнаўчыя тэрміны
(прабачце, але ёсць памылкі друку)
Абразок – жанр лірычнай мініяцюры ў прозе, якому ўласцівы слабаразгорнуты сюжэт (ці наогул яго адсутнасць), шырокі дыяпазон пачуццяў, назіранняў, зварот да ўнутранага свету чалавека, філасофска-элегічны настрой, асацыятыўнасць разважанняў. Назва звязана з кнігай З.Бядулі “Абразкі”, амаль поўнасцю складзенай з лірычных мініяцюр.
Аксюмаран – мастацкі прыём, спалучэнне неспалучальных (лагічна не сумяшчальных) слоў, якія ў сціслай канструкцыі ўтвараюць новае паняцце, уяўленне, з’яўляюцца асновай экспрэсіўнага эфекту (халоднае цяпло, шуміць маўчаннем лісце, маладая старасць). Часам ляжыць у аснове назвы твора (М.Лужанін “Смутная радасць”), кнігі (А.Наўроцкі “Гарачы снег”).
Алегорыя – своеасаблівае паэтычнае іншасказанне, у якім думка ці паняцце перадаецца праз абмалёўку канкрэтных прадметаў, з’яў рэчаіснасці.
Алітэрацыя – паўтарэнне ў вершаванай мове аднолькавых ці падобных зычных гукаў з мэтай узмацнення гукавой выразнасці твора. (“Лілею млявы лёс люляе...” Р.Барадулін).
Антытэза – стылістычны прыём, заснаваны на супрацьпастаўленні супрацьлеглых з’яў, прадметаў, характараў, пачуццяў, ідэй, вобразаў і г.д. Можа быць у аснове невялікага верша (“Асадзі назад” Я Коласа, “Ружа і штык” В.Віткі) і вялікага мастацкага твора, выяўляючыся нават у яго назве («Война и мир» Л.Толстого, раман “Свае і чужыя” І.Чыгрынава, аповесці “Гандлярка і паэт” “Агонь і снег” І.Шамякіна).
Апавяданне – невялікі апавядальны твор, у якім расказваецца, як правіла, пра нейкі адзін вызначальны выпадак (сітуацыю, падзею) з жыцця чалавека (“Сена на асфальце” М.Стральцова, “Васількі” М.Лынькова).
Апастрофа – мастацкі троп, зварот да памерлай ці адсутнай асобы як да прысутнай або да нейкага прадмета ці з’явы як да чалавека. (“Песня, будзь беларускаю// І пад вясельнай хусткаю// І ў баявым шынялі” М.Лужанін).
Аповесць – апавядальны мастацкі твор, у якім з дапамогай шэрагу эпізодаў, больш ці менш разгорнутых апісанняў выяўляецца сутнасць нейкай падзеі, абмалёўваецца станаўленне характару адной ці некалькіх дзеючых асоб у іх развіцці (В.Быкаў “Сотнікаў”, К.Чорны “Лявон Бушмар”).
Архетып – універсальны сімвалічны матыў, які існуе ў чалавечай падсвядомасці і выяўляецца адначасова ў культуры многіх народаў. У літаратуры канкрэтызуецца ў шэрагу арыгінальных вобразаў, паўтараючыся ў розных нацыянальных пісьменствах і ў розныя перыяды. Так, архетып самаахвярнасці чалавека дзеля іншых людзей увасобіўся і ў класічным вобразе Праметэя, і ў вобразе Сотнікава (з аднайменнай аповесці В.Быкава). Архетып вясны, адраджэння знайшоў увасабленне і ў славутых казаннях Кірылы Тураўскага (ХІІ ст.), і ў паэзіі Я.Купалы (ХХ ст.). Часам тэрмін архетып звужаюць да разумення найбольш распаўсюджанага ў пэўнай нацыянальнай літаратуры вобраза-матыва (архетып лесу, балота, кургана і г.д.).
Асананс – паўтарэнне ў вершы аднолькавых або падобных галосных гукаў. Дапамагае падкрэсліць асобныя словы, узмацніць інтанацыйна-гукавую выразнасць верша, надаць яму асаблівыю мілагучнасць.
Афарызм – выслоўе, у якім у трапнай, лаканічнай, дасканалай форме выказана значная і арыгінальная думка. (“Хваробы лечаць і атрутамі” М.Багдановіч, “Дзе прайшло маленства, там пачынаецца Радзіма”, “Чалавек – гэта цэлы свет” К.Чорны).
Балада – драматычна напружаны, сюжэтны ліра-эпічны верш казачна-фантастычнага, легендарна-гістарычнага ці гераічнага зместу. (“Свіцязь” “Свіцязянка”, “Рыбка” А.Міцкевіча, “Маці”, “Камсамольскі білет” А.Куляшова, кніга Я.Сіпакова “Веча славянскіх балад”).
Бурлеск – жанр камедыйна-парадыйнай паэзіі; жартаўлівае, абніжанае трактаванне тэмы, якая звычайна раскрываецца ў літаратуры ва ўснёслым плане. (“Энеіда навыварат”).
Вадэвіль – лёгкая камедыйная п’еса, асноўная дзея ў якой спалучаецца з музыкай, песнямі, куплетамі, танцамі. (Я.Купала “Прымакі”, фарс-вадэвіль В.Дуніна-Марцінкевіча “Пінская шляхта”).
Вобраз літаратурны – асобы спосаб эстэтычнага адлюстравання рэчаіснасці ў канкрэтнай, індывідуальна-пачуццёвай форме. Вылучаюць слоўныя вобразы (тропы), вобраз-малюнак (партрэтная, пейзажная замалёўка, апісанне падзей і інш), вобраз-перажыванне (тая ці іншая эмацыянальная “зараджанасць” чытача), вобразы-сімвалы (увасабляюць глыбокія, грамадска значныя думкі), вобразы-персанажы (мастацка пераканальны вобраз чалавека з глыбока і яскрава выяўленымі індывідуальнымі рысамі).
Вольны верш – від верша, звычайна рыфмаванага, у якім у адвольнай паслядоўнасці спалучаюцца радкі з рознай колькасцю стоп. Часта выкарыстоўваецца байкапісцамі. (К.Крапіва “Махальнік Іваноў”, паэма М.Танка “Люцыян Таполя”).
Гімн – урачыстая песня ў гонар якога-небудзь героя, выдатнай падзеі ці дзяржавы. Уласцівы ўзвышанасць і эмацыйнасць стылю, урачыстасць лексікі, наяўнасць шматлікіх паўтораў, рытарычных фігур і г.д. ( “Не згаснуць зоркі ў небе” Я.Купалы, “Магутны Божа” Н.Арсенневай).
Гіпербала – моцнае перабольшванне якіх-небудзь уласцівасцей чалавека, прадмета або з’явы з мэтай завастрыць на іх увагу.
Градацыя – фігура літаратурнага сінтаксісу, паступовы пераход нейкай з’явы ад яе ніжэйшай ступені да вышэйшай ці, наадварот, ад вышэйшай да ніжэйшай. Рэзка павышае эмацыянальнасць выказвання. (“Мы – не з гіпсу, мы – з камення, мы – жалеза, мы – са сталі” Цётка).
Гратэск – празмернае перавелічэнне, перабольшванне, спалучэнне нечаканых і рэзкіх кантрастаў, сумяшчэнне рэальнага і фантастычнага, прыгожага і агіднага, трагічнага і камічнага. (Вобраз Кручкова ў “Пінскай шляхце”).
Гумар – адна з галоўных праяў (разам з сатырай) камічнага ў літаратуры; смешнае ў жыцці выяўляе не ў востра-здзеклівым, а ў жартоўным, добразычлівым тоне.
Гутарка .– адзін з жанраў фальклорнай і аўтарскай ананімнай беларускай літаратуры ХІХ ст., маналог або дыялог (часцей вершаваны), у якім у форме няспешлівай, доказнай гаворкі асвятляюцца вострыя сацыяльна-палітычныя (зямля, воля, адмена прыгоннага права) і маральныя (праўда і крыўда, п’янства) праблемы. (“Гутарка Данілы са Сцяпанам”).
Дэталь мастацкая – такая падрабязнасць літаратурнага твора, якая з асаблівай сілай абуджае ўяўленне і творчую думку чытача, нясе значную ідэйна-эмацыянальную і сэнсавую нагрузку. Такімі могуць быць асобныя падрабязнасці пейзажу, партрэта, побыту, маўлення і дзеяння персанажа і г.д. Часам дэталь лейтматывам праходзіць праз увесь твор, вызначаючы нават ягоную назву (“На ростанях” Я.Коласа, “Плач перапёлкі” І.Чыгрынава, “Адзін лапаць, адзін чунь” М.Стральцова).
Жанр літаратурны – гістарычна акрэслены, адносна ўстойлівы тып мастацкай формы, дзе структура пэўных фармальных прыкмет выяўляе больш-менш канкрэтны мастацкі змест. (Ода, элегія, пасланне, раманс, эпіграма і інш. – жанры лірыкі; балада, паэма – ліра-эпічныя жанры; сацыяльна-бытавы раман, гістарычная аповесць, навела, нарыс і інш. – эпічныя жанры; камедыя, трагікамедыя, вадэвіль і інш. – драматычныя жанры).
Ідэя – асноўны сэнс літаратурнага твора, вывад (разумовае заключэнне), да якога пісьменнік прыводзіць чытача.
Інверсія – перастаноўка звычайнага парадку слоў у сказе з мэтай падкрэслення сэнсавай значнасці, паэтычнай выразнасці пэўных слоў або наданне ўсёй фразе своеасаблівай інтанацыі, стылістычнай афарбоўкі. (“І слёзы на кашулю сына з вачэй гарачыя плывуць” М.Танк).
Інтрыга – складаны і заблытаны вузел учынкаў і паводзін персанажаў літаратурнага твора, развязка якога звязана з раскрыццём нейкай таямніцы. Абумоўлівае займальнасць сюжэта твора. Адрозніваюць інтрыгі сацыяльна-палітычныя, псіхалагічныя, любоўныя, прыгодніцкія і інш. Вострая інтрыга характэрна для твораў К.Чорнага (“Трэцяе пакаленне”), Я.Маўра (“Палескія рабінзоны”), У.Караткевіча (“Чорны замак Альшанскі”), І.Шамякіна (“Сэрца на далоні”).
Іронія – літаратурны прыём, калі словы ці словазлучэнні са станоўчым значэннем выкарыстоўваюцца для адмоўнай характарыстыкі чалавека, грамадскай з’явы, падзеі. Гэта затоеная, схаваная за знешняй пачцівасцю насмешка.
Кампазіцыя – абумоўленая зместам пабудова літаратурнага твора: размяшчэнне і спалучэнне асобных частак, састаўных элементаў сюжэта. Асобныя творы ўступаюць у пэўную ўзаемасувязь, утвараючы стуктурна-кампазіцыйныя комплексы. Гэта могуць быць трыпціх (тры вершаваныя творы на адну тэму), нізка, або цыкл (шэраг лірычных твораў, аб’яднаных або тэмай, або нейкай вядучай думкай, або жанравымі прыкметамі), альманах (кніга, якую складаюць творы пісьменнікаў пэўнай мясцовасці ці літаратурнага напрамку, напрыклад, штогадовы “Дзень паэзіі”), анталогія ((зборнік узорных твораў пісьменнікаў пэўнага напрамку ці нацыі, напрыклад, трохтомная “Анталогія беларускай паэзіі” або двухтомная “Анталогія беларускага апавядання”). Два, тры, чатыры, пяць аповесцей або раманаў, аб’яднаных аднымі героямі і ідэйнай задумай, утвараюць адпаведна дылогію (“Партызаны” і “Сыны ідуць у бой” А.Адамовіча), трылогію (“На ростанях” Я.Коласа), тэтралогію (“Пачакай, затрымайся...” А.Васілевіч), пенталогію (“Трывожнае шчасце” І.Шамякіна).
Канфлікт – сутыкненне супрацьлеглых інтарэсаў, поглядаў, імкненняў, сур’ёзныя рознагалоссі, вострыя спрэчкі, пакладзеныя ў аснову сюжэта мастацкага твора.
Лейтматыў – галоўная думка, якой прасякнуты твор і якая неаднаразова паўтараецца, падкрэсліваецца аўтарам.
Літота – мастацкі прыём, моцнае перамяншэнне якіх-небудзь уласцівасцей ці прыкмет.
Метанімія – перанясенне назвы адных прадметаў на другія на аснове іх знешняй ці ўнутранай сувязі. У адрозненне ад метафары, падобнасць з’яў ці прадметаў не мае значэння (“У полі сеялася заўтра”, “Мінск едзе па грыбы”).
Метад літаратурны – сістэма гістарычна абумоўленых творчых прынцыпаў, якімі мастакі, блізкія па сваіх ідэйна-мастацкіх прынцыпах, кіруюцца пры адборы, абагульненні і ацэнцы жыццёвых з’яў (сентыменталізм, рамантызм, рэалізм, мадэрнізм і інш.).
Метр – ідэальная схема чаргавання ў сілаба-танічным вершы націскных і ненаціскных складоў.
Навела – своеасаблівая разнавіднасць апавядання, характарызуецца напружаным, драматычным дзеяннем, лаканічным паказам не столькі знешніх падзей, колькі перажыванняў і настрою персанажаў, нечаканым фіналам (“Бунт” Я.Коласа, “Марыля” Я.Брыля).
Нарыс – твор, блізкі да апавядання, заснаваны на сапраўдных фактах, адметных падзеях, якія мелі месца ў жыцці. Героямі ў нарысах з’яўляюцца не выдуманыя персанажы, а рэальныя асобы. (“Зямля пад белымі крыламі” У.Караткевіча).
Напрамак літаратурны – творчае адзінства групы літаратараў пэўнага гістарычнага перыяду, блізкіх па сваім светапоглядзе і мастацкай манеры. Прадстаўнікі аднаго напрамку распрацоўваюць агульныя матывы і тэматыку, карыстаюцца падобнымі выяўленчымі сродкамі. Творчую блізкасць яны часта замацоўваюць арганізацыйна: утвараюць літаратурную арганізацыю, выдаюць свой друкаваны орган, публікуюць маніфест. (Крытычны рэалізм, сацыялістычны рэалізм, імажынізм, футурызм, сюррэалізм, сімвалізм і інш.).
Ода – жанр лірычнай паэзіі, урачысты верш у гонар гістарычнай падзеі або выдатнай асобы. (“Ода пешаходу” П.Панчанкі, “Ода прозе” М.Стральцова).
Паліндром – літаратурны твор, радкі якога прачытваюцца не толькі злева направа, але і справа налева, захоўваючы той самы сэнс. Паліндром – своеасаблівая літаратурная гульня, якая выяўляе магчымасці пэўнай нацыянальнай мовы і ступень валодання гэтай мовай вершапісца. Пашыраны паліндром быў у часы барока, у тым ліку ў творчасці С.Полацкага. У пасляваенны час адрадзіўся ў паэзіі Р.Крушыны. паэт В.Жыбуль стварыў паэмы-паліндромы “Рогі гор” і “Кацёл клёцак”.
Памфлет – мастацка-публіцыстычны твор сатырычнага, выкрывальнага характару. Аб’ектам сатыры можа быць якая-небудзь асоба, палітычная з’ява, грамадскі лад і інш.
Пародыя – жанр сатырычнай літаратуры, заснаваны на карыкатурным перайманні стылёвых рыс нейкага твора, творчай манеры асобнага аўтара або літаратурнага напрамку. (“Энеіда навыварат”, паэма К.Крапівы “Біблія”).
Пафас – страсная ідэя, якой натхняецца пісьменнік, якая прадвызначае ўсе яго ідэйна-мастацкія пошукі, увасабляецца ў мастацкай тканіне ўсіх ці большасці ягоных твораў. (Адраджэнскі пафас – ідэя сацыяльнага і нацыянальнага адраджэння роднага краю, ідэя “людзьмі звацца”).
Паэма – адзін з відаў ліра-эпічнай паэзіі, вялікі па сваім памеры вершаваны твор, у якім важныя праблемы рэчаіснасці раскрываюцца адначасова эпічнымі (наяўнасць сюжэта, персанажаў) і лірычнымі (вобраз лірычнага героя, лірычныя адступленні) сродкамі.
Перыфраза – назва з’яў або прадметаў падаецца праз апісанне іх асобных вызначальных прыкмет. (“Не пад мысль песня будзе каму-небудзь з нас – Канапляную возьмеш заплату” Я.Купала).
Праблема – тое важнае жыццёвае пытанне, якое пісьменнік ставіць у творы, на вырашэння якога звяртае ўвагу чытача. (Праблема ўзаемаадносін бацькоў і дзяцей у рамане І.Шамякіна “Сэрца на далоні”).
Прыпавесць, або прытча, – невялікі алегарычны аповед павучальнага характару, у адрозненні ад байкі не мае традыцыйных умоўных персанажаў. (“Тры словы нямых”, “Страх”, “Пахаджане” В.Быкава і інш.).
Рэфрэн – радок або некалькі радкоў, якія паўтараюцца ў канцы кожнага куплета верша ці песні. Звычайна ў рэфрэне ўвасабляецца галоўная думка твора.
Сарказм – разнавіднасць іроніі (найвышэйшая яе ступень), з’едлівая, вострая, злосная насмешка, накіраваная супраць адмоўных, шкодных з’яў у жыцці грамадства . (“Дурны мужык, як варона” Ф.Багушэвіча).
Сатыра – прынцып мастацкага адлюстравання, заснаваны на выкрыцці паасобных адмоўных з’яў, востра высмейваючы іх. (“Прамова Мялешкі”, “Ліст да Абуховіча”).
Свабодны верш, або верлібр, – дысметрычны верш, які не прытрымліваецца якой-небудзь строгай заканамернасці ў сваёй будове. Рытм ў такім творы ствараецца графічнай разбіўкай верша на радкі, аднатыпнасцю сінтаксічных канструкцый, паўторам аднолькавых слоў ці іх граматычных формаў, націскам на пэўных месцах у вершаваным радку, гукаспалучэннямі і г.д.
Сімвал – умоўнае абазначэнне сутнасці якой-небудзь з’явы пэўным прадметам ці слоўна-вобразным знакам.
Сінекдаха – разнавіднасць метаніміі, у якой адны паняцці замяняюцца другімі на аснове іх колькасных суадносін, часцей за ўсё ўжыванне часткі з’явы ці прадмета ў значэнні цэлага або цэлага замест часткі.
Сінтаксіс літаратурны – сістэма сінтаксічнай арганізацыі мовы мастацкай літаратуры. Да яго адносяцца рытарычныя фігуры – рытарычнае пытанне (яно не патрабуе адказу, бо нясе ў сабе сцвярджэнне), рытарычны зварот, рытарычны вокліч.
Слова – 1) Адзін з жанраў паэтычнай па сваім характары старажытнай усходнеславянскай прапаведніцкай і павесційнай літаратуры (восем “Слоў” К.Тураўскага, “Слова аб законе і благадаці”, “Слова пра паход Ігаравы”). 2) Урачысты паэтычны зварот, выступленне з выпадку нейкай важнай падзеі, своеасаблівы паэтычны заклік. (“Слова да Аб’яднаных Нацый” А.Куляшова, “Слова пра дружбу” Я.Брыля).
Стапа – спалучэнне аднаго націскнога з двума ненаціскнымі складамі, якое раўнамерна паўтараецца ў вершы.
Страфа – інтанацыйна-сэнсавае аб’яднанне некалькіх вершаваных радкоў, звязаных у большасці выпадкаў агульнай рыфмай.
Стыль пісьменніка – ідэйна-мастацкая своеасаблівасць творчасці пісьменніка. Залежыць ад тыпу творчасці, літаратурнага метаду і напрамку, да якіх належыць аўтар, ад яго светапогляду, творчага вопыту, мастацкіх схільнасцей.
Сюжэт – сістэма ўзаемазвязаных падзей, паступовае разгортванне якіх раскрывае характары персанажаў і ўвесь змест эпічнага, ліра-эпічнага і драматычнага твора.
Троп – слова або моўны выраз, ужытыя ў пераносным значэнні. У тропах супастаўляюцца з’явы на аснове нейкіх агульных рыс, адна з іх характарызуецца праз прыкметы другой. Дапамагаюць у вобразнай і лаканічнай форме выявіць сутнасць з’явы, індывідуалізаваць яе, даць ёй ацэнку. (Эпітэт, параўнанне, метафара, метаніпмія, сінекдаха і інш.).
Трыялет – васьмірадковы верш, у якім чацвёрты і восьмы радок паўтараюць першы, а сёмы радок – другі. Дзякуючы такім паўторам чытачу лёгка засяродзіць увагу на галоўнай думцы. (М.Багдановіч “Калі глядзей на сонца я...”, “Мне доўгае растанне з вамі...”).
Тып – вобраз-персанаж, у якім з вялікай мастацкай сілай увасабляюцца найхарактэрнейшыя для пэўнай групы людзей рысы. (Васіль Дзяцел, Гарлахвацкі).
Утопія – жанр навуковай фантастыкі, твор, у якім жыццё прыдуманага грамадства ўвасабляе нейкі сацыяльны або тэхнічны ідэал пісьменніка. (Аповесць В. Ластоўскага “Лабірынты”).
Фарс – тэатральная п’еса лёгкага, жартаўлівага, часам фрывольнага зместу.
Цвёрдыя формы верша – віды верша, якія ўзніклі пераважна ў сярэдневяковай класічнай паэзіі, набылі інтэрнацыянальнае бытаванне і вызначаюцца пастаянствам вершаванага памеру, рыфмоўкі, колькасці і размяшчэння радкоў. (Санет, трыялет, секстына, тэрцына, актава, рандо, хоку, танка і інш.).
Элегія – верш-роздум, у якім выяўляецца настрой смутку, журбы, меланхоліі з выпадку грамадскай несправядлівасці, сямейнага няшчасця ці асабістага гора. (М.Багдановіч “Даўно ўжо целам я хварэю”, Я.Колас “Голас зямлі”).
Эпіграма – невялікі (звычайна ад двух да васьмі радкоў) сатырычны верш, у якім дасціпна высмейваецца пэўная ясоба ці грамадская з’ява. (Я.Купала “То беларус, то палячок”).
Эсэ – літаратурны твор, у якім пісьменнік у вольнай форме разважае над нейкімі сацыяльна-палітычнымі, маральна-філасофскімі і літаратурна-эстэтычнымі праблемамі. Характэрна падкрэсленая суб’ектыўнасць выказвання, свабодная кампазіцыйная структура твора. (“Жменя сонечных прмняў” Я.Брыля, “Загадка Багдановіча” М.Стральцова, раманы-эсэ А.Лойкі “Як агонь, як вада...” – пра Я.Купалу, “Францыск Скарына, або Сонца маладзіковае”).
plisa
 
Сообщения: 13
Зарегистрирован: 11 ноя 2014, 14:21
Откуда: Плисская средняя школа им. В.А. Микулича

Вернуться в О Ресурсном Центре

Кто сейчас на конференции

Сейчас этот форум просматривают: нет зарегистрированных пользователей и гости: 1

cron