Прыкладная схема аналізу лірычнага твора

Прыкладная схема аналізу лірычнага твора

Сообщение plisa » 26 янв 2015, 10:46

Прыкладная схема аналізу лірычнага твора
1. Пачаць разгляд твора можна з прыёма “запытання”.
Сутнасць прыёма заключаецца ў пастаноўцы пытанняў “прадразумення” (што ў тэксце падалося дзіўным, няясным, незразумелым?). Прачытаўшы твор, паспрабуйце ўступіць у “дыялог” з тэкстам, аформіўшы ўласнае неразуменне ў выглядзе ланцужка пытанняў.
2. Сацыякультурны, гісторыка-культурны, гісторыка-біяграфічны, філасофскі кантэкст.
Рэальна-біяграфічны і фактычны каментарый (месца і час, абставіны і падзеі з жыцця аўтара, якія садзейнічалі напісанню твора).
Да якога тыпу належыць твор: а) з’яўляецца значна набліжаным да біяграфіі паэта; б) уяўляе сабой чысты вымысел; в) уяўляе сабой адзінства паэтычнага вымыслу і мастацка транфармаваных фактаў рэальнай біяграфіі паэта.
Якім чынам адлюстраваны факты біяграфіі ў тэксце: а) ёсць прысвячэнні; б) уключаны імёны, даты, геаграфічныя назвы; в) ёсць алюзіі на падзеі рэальнага жыцця, узаемаадносіны з канкрэтнымі людзьмі.
Як суадносіцца твор з творчасцю паэта ў цэлым, з агульнакультурным кантэкстам? Да якога перыяду творчасці паэта ён адносіцца? Ці ўваходзіць у пэўны цыкл (зборнік)? Ці належыць верш да пэўнага творчага метаду, накірунку, плыні. Сувязь з традыцыямі беларускай і сусветнай культуры.
“Упішыце “, па магчымасці, твор у кантэкст гістарычнага часу, літаратурнага працэсу, лёсу паэта.
3. Інтэрпрэтацыя зместу твора.
 Сэнс назвы твора.
Ці мае твор назву (растлумачце яе адсутнасць)? Што ў ёй адлюстравана?
 Тэматыка, праблематыка, сэнсавыя матывы.
Характар тэматыкі: канкрэтна-гістарычная (сацыяльныя, часавыя, нацыянальныя параметры); вечная (псіхалагічныя параметры); спалучэнне абодвух аспектаў. Вядучая тэма, яе развіццё, іерархія падтэм.
Якія матывы ўзнікаюць і ў якіх вобразах увасабляюцца?
Як у праблематыцы праяўляецца аўтарская індывідуальнасць, самабытны аўтарскі погляд на свет?
 Мастацкі час і прастора.
Якімі словамі абазначаецца мастацкая прастора?
Як выражаны мастацкі час?
Час і прастора характарызуюцца: канкрэтнасцю, абстрактнасцю, спалучэннем канкрэтнасці і абстрактнасці. Што больш значыма – мастацкі час ці прастора (аднолькава значымы)?
 Ідэя, пафас (вядучы эмацыянальны фон твора), аўтарскі ідэал.
Якія інтанацыі пераважаюць – грамадскія ці асабістыя?
Якім чынам дасягаецца эмацыянальна-сэнсавая цэласнасць верша?
 Сюжэтна-кампазіцыйныя асаблівасці.
Ці ёсць знешні сюжэт? Што складае яго аснову? Як развіваецца паэтычная думка і ў які момант дасягае кульмінацыі? Якімі мастацкімі сродкамі гэта адлюстравана: з дапамогаймлірычнага сюжэта, змены карцін, інтанацыі і г.д. Які вынік лірычнага выказвання? Ці знаходзіць лірычны канфлікт сваё вырашэнне? Якімі паэтычнымі сродкамі гэта выражана?
Апорныя кропкі (пункты) кампазіцыі.
 Вобраз лірычнага героя, характар лірычнага перажывання.
Якім настроем прасякнуты верш? Што на першым плане – падзеі ці перажыванні лірычнага героя? Што адбываецца з лірычным героем? Які стан лірычнага героя? Чым ён выкліканы або чаму мяняецца? З дапамогай якіх мастацкіх сродкаў гэта адлюстравана?
 Асноўныя вобразы верша і прыёмы іх стварэння.
Якая намалёвана карціна і з дапамогай якіх мастацкіх сродкаў?
Гук, святло і колер у вершы.
Які кампазіцыйны прыём арганізуе вобразную сістэму (паўтор, узмацненне, антытэза і інш.).
4. Аналіз вобразна-выяўленчых сродкаў, вызначэнне іх ролі ў раскрыцці ідэйнага зместу твора, выяўленні аўтарскай пазіцыі.
 Жанравая своеасаблівасць.
Ці ўказвае аўтар жанр твора (назва, падзагаловак, тэкст)? Калі не – рысы якіх жанраў знайшлі адлюстраванне ў вершы?
 Своеасаблівасць паэтычнай формы (строфіка, рытмічная арганізацыя, вершаваны памер, рыфма).
Колькі радкоў? Як пабудаваны верш? Ці падзяляецца на строфы? Колькі строф? Велічыня страфы (двухрадкоўе, чатырохрадкоўе, шасцірадкоўе і г.д.)? Як звязаны паміж сабой (самастойныя ці ўзаемазвязаны)? Кампазіцыя страф: адначасткавая (непадзельнае цэлае), двухчасткавая, куплетная і г.д.
Як гучыць верш (памер, рытм, лагічныя і псіхалагічныя паўзы, даўжыня радкоў, наяўнасць ці адсутнасць рыфмы, словы, якія рыфмуюцца)?
 Прыёмы і сродкі вобразна-выяўленчай мовы.
Што можна сказаць аб іх выбары і спалучэнні?
А) Асаблівасці паэтычнай мовы (лексіка).
Асаблівасці словаўжывання. Ужыванне слоў адной семантычнай групы. Ужыванне пэўных часцін мовы. Словы якой часціны мовы пераважаюць?
Стылістычна нетральныя ці афарбаваныя словы (іх суадносіны).
Ці ёсць фразеалагізмы, сінонімы, антонімы (у тым ліку і кантэкстуальныя), амонімы?
Полісемія, мастацкія тропы (эпітэт, метафара, метанімія, сінекдаха, гіпербала, параўнанне, сімвал і інш.).
Б) Асаблівасці сінтаксісу.
Колькі сказаў? Якая структура сказаў? Выкарыстанне сказаў пэўных канструкцый.
Стылістычныя прыёмы (паўтор, антытэза інверсія, паралелізм, рытарычнае пытанне, зварот, вокліч).
 Гукавая інструментоўка.
Мілагучнасць, алітэрацыя, асананс, гукавыя паўторы, гукаперайманні і інш.
5. Асабістае ўражанне ад твора.
Якія думкіі пачуцці аўтар хацеў данесці да чытача? Што ў вершы сугучна сучаснасці? Асацыяцыі, якія выклікаюць вобразы, створаныя паэтам?

Шлях аналізу можа быць як ад зместу да формы, так і ў адваротным парадку. Аднак практыка паказвае, што найбольш плённым і цэласным з’яўляецца “чалночны” рух – пастаянныя пераходы ад ідэйна-мастацкага пласту праз кампазіцыю і вобразы да моўнага ўзроўню тэксту. Пры такім цыклічным характары аналізу ўсе высновы па змесце “правяраюцца” разглядам моўных сродкаў.
Маючы справу з лірычным творам, важна перш за ўсё асэнсаваць яго пафас, ухапіць вядучы эмацыянальны настрой.

Агульныя рэкамендацыі па рабоце з тэкстам верша
1. Фактам біяграфіі аўтара варта ўдзяліць увагу абавязкова, калі яны прасочваюцца ў тэксце твора, калі ёсць прысвячэнні, імёны, геаграфічныя назвы, даты і пад. Чым больш абстрагаваны змест верша, тым менш дарэчны зварот да біяграфіі паэта.
2. Творчая гісторыя патрэбна, калі гэты матэрыял паглыбляе, пашырае ўспрыманне твора і арганічна ўпісваецца ў сачыненне-водгук.
3. Пра светапогляд паэта, яго грамадзянскую пазіцыю варта казаць у той меры, у якой гэта патрэбна для разумення твора.
4. Варта пазбягаць прамалінейнай трактоўкі мастацкай ідэі (галоўнай паэтычнай думкі). Разглядайце яе рух праз будову верша, мастацкія вобразы, дэталі і іншыя элементы формы. Не патрэбна пераказваць верш, аднаўляючы яго “змест”.
5. Адзін з прыёмаў аналізу тэксту – “пабудова” асацыятыўных радоў, звязаных з вобразамі і матывамі твора.
6. Не варта рабіць самамэтай пошук у мастацкім тэксце ўсіх тропаў і абмяжоўвацца іх пералічэннем. Лепш паспрабаваць разгледзець, якімі адценнямі сэнсу троп узбагачае ўражанне, як ён удзельнічае ў перадачы аўтарскіх адносін да таго, што адлюстроўваецца і г.д.
7. Сінтаксічныя фігуры варта разглядаць як сродак мастацкага адлюстравання неадрыўна ад мэты – надаць тэксту мастацкую выразнасць (таксама, як і тропы).
8. Вызначэнне вершаванага памера разглядаецца ў сувязі са зместам верша і як элемент своеасаблівасці аўтарскай паэтыкі.
9. Зафіксаваўшы пэўныя асаблівасці вершаскладання, варта асэнсаваць іх мастацкую функцыю, даць ацэнку іх удзелу ў стварэнні мастацкага вобраза.
10. Устанавіўшы характар рыфмы, не забудзьце ацаніць ступень яе своеасаблівасці і выразнасці, выявіць сэнсавую значымасць.
11. Інфармацыя аб мастацкім метадзе, накірунку, плыні не павінна мець характар канстатацыі факта – такія звесткі варта падаваць праз прызму канкрэтнага верша.
12. Мастацкія асаблівасці канкрэтнага верша варта разглядаць у адзінстве з характэрнымі для паэтыкі аўтара прыёмамі.
Магчымыя прыёмы аналізу, накіраваныя на выяўленне тэмы і ідэі ў паэтычным тэксце:
 Спачатку выяўленне заканамернасці ў кампазіцыі паэтычнага тэксту, затым пераход да інтэрпрэтацыі аўтарскай задумы.
 Так званы стоп-аналіз: чытач робіць прыпынак пасля кожнай фразы (радка, страфы) і асэнсоўвае, якую яна дала новую інфармацыю, што новага ўносіць у разуменне твора.
 Аналіз тэксту па строфах (фанетычны, стылявы (тропы і паэтычны сінтаксіс) і ідэйны узроўні).
 Выяўленне матываў і вобразаў у першай страфе і назіранне за іх развіццём у наступных строфах.
 Супастаўленне першай і апошняй страфы.
 Вылучэнне паэтычнага прыёма і вытлумачэнне яго эстэтычнай функцыі.
 Высвятленне функцый выкарыстаных моўна-выяўленчых сродкаў для раскрыцця ідэі твора.
 Супастаўленне моцных пазіцый тэксту (назва ці першы радок, усе “пачаткі”, “канцы”, паўторы).
 Выяўленне функцый метра, рыфмы, рытму ў цэлым.
plisa
 
Сообщения: 13
Зарегистрирован: 11 ноя 2014, 14:21
Откуда: Плисская средняя школа им. В.А. Микулича

Вернуться в О Ресурсном Центре

Кто сейчас на конференции

Сейчас этот форум просматривают: нет зарегистрированных пользователей и гости: 1

cron